1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 255-86-73

Мы в соцсетях

Год мира и созидания

Праздники Беларуси

НУ И ПОГОДА

Охрана труда

«Золотые правила» языком музыки

«Золотые правила» языком музыки

«Золотые правила» языком музыки

ТУРИЗМ

ГлавнаяНовости#Летопись_имен: «БЫЛА ВАЙНА…»
13 декабря 2022

#Летопись_имен: «БЫЛА ВАЙНА…»

Расказвае пра жыццё ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі жыхарка горада Клімавічы, што на Магілёўшчыне, Лізавета Дзямідаўна Пракоф’ева, (дзявочае прозвішча Кісялёва), якая апошнія шэсцьдзесят год свайго жыцця жыве ў райцэнтры (на фота).

— У сорак першым мне споўнілася толькі дзевяць гадкоў. Жылі мы тады ў вёсцы Пянькоўка  Хатовіжскага сельскага Савета, што ў Клімавіцкім раёне. Як толькі даведаліся, што пачалася вайна, то маці, Акуліна Рыгораўна (да замужжа Казлова), адразу ж кінулася ў плач. Дачка ж Ніна жыве і працуе на Брэстчыне! Усяго ў нейкіх дзясятках кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы, нямецкіх і нашых пазіцый. Як было не хвалявацца за яены лёс! Вельмі ўжо маці перажывала. І, недарэмна, бо пасля начнога дзяжурства на 22 чэрвеня 1941 года яе выклікалі ў райваенкамат (яна была медык) і загадалі суправаджаць калону эвакуіраваных. Тады ж, у самы першы дзень вайны, яна была паранена. Патрапіла ў 26 стралковую дывізію, з якой спазнала і горыч адступленняў, і радасць вызвалення роднай беларускай зямлі.Немцы праз нашу вёску і наступалі, і адступалі. І двойчы яе палілі. Хаты вясковыя падпальвалі такімі вогненнымі кулямі. Асобныя дамы ўцалелі, а больш пацярпелі тыя, што стаялі каля самай шашы, што вяла на Маскву. Наша ж хата, якая была пабудавана перад самай вайной, стаяла якраз каля дарогі і амаль што поўнасцю згарэла яшчэ ў сорак першым. Таму жылі мы ў вайну ў зямлянцы побач са згарэўшай хатай. Мама, я і маленькі брацік Віця, якому ўсяго некалькі гадкоў на той час споўнілася. (Ад аўт. – і трэба ж было такому здарыцца, мала таго, што ў вайну іхняя хата згарэла, але і пасля вайны дзесяць гадкоў таму назад, у другі раз. Відаць, не дарэмна людзі кажуць: адна бяда не ходзіць…).

І калі пасля вызвалення раёна фронт доўга прастаяў на рацэ Проня, сястра Ніна адпрасілася ў камандзіра часці на двое сутак адведаць родных. Каб даведацца, ці застаўся хто з нас жывы. Дабралася да вёскі, глядзіць, а роднай хаты – няма! Вяскоўцы падказалі, што жывуць цяпер маці з дзецьмі ў зямлянцы. У ёй і адшукала нас. Ноччу чуем – сігналяць. Так і сустрэліся. Пабыла крыху, паплакала разам са мнойі. І зноў, на фронт.

Авечкі былі ў нас да вайны і ў саму вайну. Пасвілі аднаго разу іх каля Восаравай гары, што знаходзіцца каля нашай вёскі Пянькоўка. Неяк недагледзелі іх, перабеглі тыя гарэзы праз шашэйку. Я, следам за імі паімчалася. Гляджу: і нашы салдацікі нежывыя ляжаць, і нямецкія. Бо немцы і нашы чырвонаармейцы вельмі моцна тады,  ў сорак першым годзе, перастрэльваліся. Гэты эпізод і зараз, праз дзесяцігоддзі, стаіць у маёй памяці з самага дзяцінства, не забываецца. Бо гэта ж былі нечыя бацькі, сыны, дзеці… Як такое можна забыць!  Іншым разам немцы ў вайну ў вёску наведваліся. Ад іх вясковыя людзі ў лясах хаваліся са сваёй жыўнасцю. Каб не забралі. З каровамі, коньмі… А некаторыя жыхары і ў вёсцы заставаліся. То яйкі, то саміх курэй фашысты забяруць, калі пройдуць па хатах. Дык аднаго немца, што палез у наш куратнік на падворку, маці граблямі — ды па касцы. Той рабаўнік ад нас такога спрыту не чакаў, ратаваўся бегствам, на матацыкл, ды паімчаў сабе далей, бо і іншыя людзі былі ваяўніча настроены да грабежнікаў-фрыцаў.

І ў Нямеччыну людзей забіралі. У нас з Пянькоўкі траіх чалавек на маёй памяці  туды на работы ўгналі, а ўсяго за вайну — дзесяцярых: Мішу Апенькіна, Ніну Чарнову, Ніну Ражанкову,  Ніну Нестраценка,  Аню Фралянкову, Машу Зайцаву, Соню Гудкову, Мішу Кісялёва, Андроса Алахава, Кацю Фядосенка.

Мой бацька, Дзямід Акіравіч Кісялёў, да вайны старшынёй Хатовіжскага сельскага Савета працаваў, на фінскай ваяваў. А да гэтага быў арганізатарам калгаса (здаецца, пад назвай “Маяк”), яго ж адным часам і ўзначальваў. Быў камуністам. Дык яго немцы, калі даведаліся аб тым, за гэта хацелі было павесіць, але бацьку ўдалося ўцячы ў Пачынак суседняй Смаленскай вобласці, дзе фронт грымеў. Да нашых падаўся, у Чырвоную Армію, дзе прынялі яго ў стройбат.

У сорак трэцім годзе мяне малой адвялі да дзядулі Рыгора Анісімавіча Казлова ў вёску Дамамерычы. Той неяк паехаў на луг касіць сена для каня. Ужо падмарозіла. А тут, на табе, немцы на яго бяду: аддавай ім каня, і ўсё там, строга запатрабавалі. А дзед, глухаваты быў, заўпарціўся. Хоць і пад дзевяноста гадкоў ужо яму тады стукнула, але быў здаровы, плячысты такі мужык. Немцам яго паводзіны не вельмі спадабаліся: каня ж не аддае! За гэта яны нагу дзеду паранілі кулямі, а каня ўсё ж такі забралі.

Прывезлі вяскоўцы дзеда дадому, забінтавалі нагу. Я cпалохалася, ды ў Пянькоўку, да маці, хуценька пабегла. Маўляў, так і так. І маці пешшу ў Дамамерычы паспяшалася, а потым дзядулю ў Клімавічы на кані адвезла. У бальніцы нагу яму адрэзалі, а праз восем дзён дзед памёр. Прыгатавалі абед з таго-сяго, што яшчэ засталося, каб памянуць роднага чалавека. А як прыехалі з могілак, то аказалася, што ўсю ежу паліцаі пазабіралі.

Былі і тыя ў нашай вёсцы, хто ў паліцыі служыў.  Ім нехта падказаў, што маці на агародзе сундучок з самымі каштоўнымі рэчамі зарыла ў зямлі, бо была рукадзельніца, палатно ткала, то яны адкапалі і сабе ўсё забралі.

Як фронт у нашым раёне стаяў, то памятаю, такая страшная страляніна стаяла. Мы з маці хаваліся у акопе, што быў на нашым агародзе. Кулі раз-пораз так і свішчуць над нашымі галовамі. Сядзім і чуем: нехта крычыць неўгала. Маці было памкнулася пабегчы дапамагчы чалавеку, які патрапіў у бяду, ды так і не адважылася, бо мы, дзеці, залямантавалі, сталі яе адгаворваць не ісці: “куды ты, ноч жа на двары? Могуць і самаю застрэліць”,  І яна, паслухала нас, не пайшла з акопу. Пабаялася. Бо неба раз-пораз асвятлялі ракетніцы. Было так светла, як пры бліскавіцы маланкі. А на відным месцы чалавек — добрая мішэнь. Раніцай пайшлі, глядзім — ляжыць нежывы наш малады салдацік. Нагу яму цяжка параніла. То ён здаровую нагу гэтак перакруціў вакол пашкоджанай, каб відаць кроў супыніць. Але і гэта не дапамагло. Па ўсім бачна, сышоў крывёю гаротны. А немцы ўсё страляць працягваюць. Маці тады, калі страляніна сціхла, паклала памерлага салдата на каляску і да гумна адвезла. Там каля яго і пахавалі.  Дакументы байца мы забралі. Родам той быў з Курскай вобласці. І калі бацька прыйшоў з фронту, ён звязаўся з роднымі воіна-вызваліцеля. Сёстры яго пасля вайны да нас прыязджалі. Пасля іх прыезду яго ў агульнай магіле, у якой усе загінулыя ў вайну былі пахаваны, перапахавалі. Калі даведаліся, што вайна закончылася, то абдымаліся, цалаваліся. Так былі рады ўсе людзі Перамозе! Вясной 1945-га вярнуўся з вайны брат Міша (на здымку) з ордэнам Айчыннай вайны 1 ступені і медалямі “За адвагу”, За баявыя заслугі” на грудзях, а пасля і сястра Ніна, якая аж да самога Берліна дайшла.  Прайшла яе з першага і да апошняга дня. Была ўзнагароджана ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, некалькімі медалямі. І бацька таксама прыйшоў з фронту. Пашчасціла ім усім траім вярнуцца жывымі.

Цяжка было жыць на вёсцы і пасля вайны. Рады былі нават хлебу. Канюшыну, каб самім есці, сушылі, з гнілой бульбы гнілушкі выпякалі, каласкі ў полі збіралі. Нечага было ні апрануць, ні абуць. Я ў школку хадзіла з нашай Пянькоўкі за сем кіламетраў у суседнюю вёску у салдацкіх ботах. Рукавічак не было, кнігі за пазуху, рукі ў кішэні і іду, пальцы ад холаду паадмарозіўшы, а пакуль дайду, чарнільніца мая замерзне. Пісаць неначым было, то маці ў хатах, дзе стаялі нашы салдаты на пастоі, знаходзіла папяровыя мяхі з-пад нечага, высушвала іх, і мы пісалі на той паперы ў школе. Сшыткаў не было, але вось жа неяк вывучыліся. Сёстры: Ніна — на медсястру,Оля – на машыніста торфаздабывальнага агрэгата, Міша — на настаўніка (ад аўт.—яму, былому франтавіку, ужо каля 100 год), Ваня — на механіка, Віця — на вадзіцеля, а  я — на прараба-будаўніка. Працавала ў Клімавіцкай МТС, будавалі ў гаспадарках сушылкі. На працу хадзіла разам з іншымі людзьмі да вёсак пехатой. Іншы раз і кватэру здымала, бо дарога была няблізкая.

Пасля, робячы кінамеханікам, 21 год у суседнюю вёску Паўлавічы адхадзіла пяшэчкам. Усяго ў мяне 41 год працоўнага стажа. Была ўдарнікам камуністычнай працы, ударнікам дзесятай пяцігодкі, пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва 1973 года, за што адпаведныя знакі і значкі маю, а гэтаксама медаль “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”. А яшчэ ж васямнаццаць сямейных грамат захоўваю дома ў сваім архіве.

Я ганаруся ўсёй сваёй сямёй! Усе яны, людзі дастойныя — і муж  Леанід Фёдаравіч (той, як і я, шмат гадоў, лічы ўсё жыццё, адпрацаваў кінамеханікам у кінасетцы Клімавіцкага раённага аддзела культуры і быў узнагарожаны некалькімі граматамі). І сын Мікалай Леанідавіч, які хоць і на заслужаным адпачынку, але яшчэ працягвае, знаходзячыся сем год на пенсіі, працаваць настаўнікам (быў дырэктарам) у 24-й школе горада Бабруйска. І дачка Святлана — яна жыве ў Шумячах, суседнім райцэнтры Смаленскай вобласці Расіі, таксама ўжо на пенсіі. Па восені прыехала, адведала маці. А зараз радуюць мяне ўнукі і праўнукі. Я так думаю: каб мір быў на нашай зямлі заўсёды і паўсюль у свеце, трэба ўсім нам разам берагчы яго.

Запісаў успаміны Іван ЛАПО, ветэран працы, прафсаюза і журналістыкі, краязнаўца, публіцыст, член Беларускага саюза журналістаў.

Карта сайта