1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 255-86-73

Мы в соцсетях

Год мира и созидания

Праздники Беларуси

НУ И ПОГОДА

Охрана труда

«Золотые правила» языком музыки

«Золотые правила» языком музыки

«Золотые правила» языком музыки

ТУРИЗМ

ГлавнаяНовости#Летопись_имен: Апавяданне СЛОІК МЁДУ ЛІПАВАГА…
13 декабря 2022

#Летопись_имен: Апавяданне СЛОІК МЁДУ ЛІПАВАГА…

(Паводле ўспамінаў маці, Валянціны Васільеўны Матохінай з вёскі Асмолавічы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці).

Гэта быў яўна не немец. Хоць і апрануты той быў у іх шэрамышынага колеру ваенную форму, калі пераступіў ён нейк парог іхняй хаты. Бацька непаўналетніх дачок, Васіль Максімавіч, ужо пабачыўшы жыццё і тых немцаў на фронце яшчэ ў Першую сусветную, на якой, дарэчы, быў паранены ўлетку 1915-га на Беласточчыне ў Польшчы, каля Яблынь-Касцёльнай, гэта вызначыў адразу ж па ягонай гаворцы.

Ці то румын, ці то нейкі француз, падумаў ён. А яны, тыя французы, і сапраўды ў вайну ў іх раён накіроўваліся немцам на падмогу ў барацьбе з партызанамі. А можа гэта быў нават адзін з нашых, што перайшоў ваяваць на бок ворага і якія час ад часу наведваліся ў вёску. Пабудуць у Асмолавічах, ды і паедуць ў сваё Ціманава, прыгарадную вёску, дзе і размясціліся ў пустуючай на водшыбе школцы. Аж цэлая рота здраднікаў, створаная фашыстамі выключна з адных украінцаў.

Ва ўсялякім выпадку, зайшоў той не з дабром да вясковых людзей, а каб нечым пажывіцца ў іх. Балазе, хата іхняя стаяла якраз пры ўездзе ў само сяло, а таму абмінуць яе ніяк нельга было няпрошаным гасцям. А аднойчы заначаваць у іх напрасіўся нават нейкі бандзюга, які мабыць з турмы збег, альбо немцы таго выпусцілі, як прыйшлі і акупавалі. І гэты новы госць быў не ў радасць за папярэдняга. Але ў беднякоў Матохаў дужа не разжывешся! Асабліва не было чым, па праўдзе кажучы. Калі не лічыць з самага каштоўнага слоік мёду ліпавага, які прыхаваў бацька ў надзейным месцы яшчэ, мабыць, з даваеннага часу. На ўсялякі, крайні выпадак. Калі хто з сям’і раптам сур’ёзна захварэе, з тых жа трох ягоных дзетак. Іх нават паліцаі шкадавалі, (відаць закінуў слова сусед Карпа, які хадзіў у тых у начальніках), і не адправілі на прымусовыя работы ў Нямеччыну самую старэйшую з дачок. Як піць даць маглі б забраць! Вось жа суседскую Нінку Матохіну, нават на год маладзейшую, ды тае равесніка Валодзьку Асмалоўскага немцы з паліцэйскімі тады заграбасталі разам з яшчэ трынаццацю асмолаўскімі хлопцамі і дзяўчаткамі.

Ды толькі вось незнаёмец той, па ўсім бачна, ужо меў багаты вопыт падобных росшукаў людскога дабра. Відаць, ці  ж у першы раз шныраў у пакінутых людзьмі па прычыне ваенных дзеянняў хатах на акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі! А таму ён хутка вызначыў, дзе можа што больш-менш падыходзячае ляжаць схаванае, каб сабе забраць. І неўзабаве невялічкі слоічак з мёдам, акуратна загорнуты ў шматок  газетнай паперы, даваеннага “Камунара Магілёўшчыны”, быў у яго моцных валасатых руках. І той ужо было намагаўся пайсці.

Але ў гэты самы момант маларослая хударлявая Валечка не разгубілася. Вокамгненна перагарадзіла яму дарогу. Гэта ж іхні мядок! Такі смачны, такі лекавы! Які нястомныя пчолкі назапасілі несучы раз за разам пылок за пылком з растучых паблізку іхняй хаты ліпачак, пра якія яскрава пісаў Якуб Колас у адным са сваіх вершаў са школьнага падручніка, адтуль пананасілі, “дзе пчолкі звоняць самавіта збіраючы па кропельцы мядок”.

Ліпачак, пасаджаных мабыць ці не ў часы Вялікага княства Літоўскага, з якіх і ўзяла свой пачатак іхняя вёска і ў якое раней ўваходзіла. Яны бераглі яго, як зрэнку вока, той мёд-выратавальнік. Расходавалі як мага беражліва. Каб і кропелькі дарэмна, крый божа, не пралілося!

Успомнілася ёй. Маці, Ульяна Дзмітрыеўна, бывала, калі была яшчэ жывая, казала: “вось кашляне каторая з вас раз-другі і я лыжачку яго намажу на акраец праснака, згатаванага ў печы з травы-лебяды, ды з таго-сяго іншага, тых жа самых падмёрзлых у падмосці, ці падабраных на калгасным полі, бульбін, і неўзабаве выздаравее”. Усё аддавала ім, сваім дзеткам траім, пра сябе не клапоцячыся. Ці не таму і заўчасна згасла пайшоўшы з жыцця.

А вось саміх дзяцей бог мілаваў. Хвароба тая нядобрая, якая забрала ў магілу маці, на шчасце, пакуль што абмінала іхнюю бядотную матохінскую сям’ю. Бы шкадаваў тую божанька. Дзіцятак-сірот, якіх расціў цяперака ўжо адзін бацька пасля таго, як памерла перад вайной іх маці. Ды яшчэ такой маладой! А таму ў бок прыхаванага слоіка зз мёдам усе дзеткі паглядалі цяпер штодня са спадзеўкай, што калі-некалі яны ўсё ж такі ім смачна пачастуюцца з бацькавага дазволу.

…Валечка, калі хуценька падбегла да “фрыца”, смела выхапіла з ягоных моцных рук дарагі слоічак. Як ён яго тады выпусціў і аддаў, самому богу толькі вядома. Можа, ад сваёй разгубленасці пры такой рашучасці дзяўчынкі? А, можа, ад палахліва сказаных бацькам у той важны момант слоў, які асмеліўся ўсё-такі іх вымавіць:

— Ну, то можа, пакінуў бы, добры чалавек? Дзеткі ж, сіроты, без маці гадуюцца…

У хацё наступіла мёртвая цішыня, што нават стала чуваць усім, як адчайна залямантавала ў тую хвіліну муха, якая застрала ў павуцінні недзе на самым куце. Бацька занепакоіўся: хоць і не сапраўдны немец, але ж іх чалавек. Ваенны, пры зброі. Мала што можа яму ў галаву прыйсці!

Яны сустрэліся позіркамі. Нахабны вірлавокі фашысцкі памагаты і маленькая і худзенькая беларуская дзяўчынка. Яна глядзела на таго з несхаванай крыўдай: чаго захацеў, мядку нашага ліпавага, фрыц паганы. Ты ж не хворы, вунь які здаравяка. Гулу смаляную табе, а не мёд. Не аддам! І ўсё там! І ўся размова на гэтым закончана. Хаця, гаворкі той між імі і не было, а толькі падумала так. Яны вачыма добра разумелі адзін аднаго. І ён гэтаксама глядзеў на яе не дужа па-добраму, бы ваўком на Валю-ясачку. З суровасцю на твары, калі вылупіўся на яе. Але, відаць, у душы ягонай нешта ў тую хвілю пераламілася, перавярнулася да спагады, жалю да дзіцяці. Мо прыгадаў сябе малога, ці каго з сясцёр сваіх родных, альбо дзетак? Ды і тым больш, што на яго пільна паглядалі цяпер яшчэ дзве пары дзіцячых вачэй – Валіных малодшых сясцёр Надзі і Соні, на якіх кінуў ён свой суровы пагляд, калі тыя плаксіва ўскрыкнулі. І ён тады, урэшце, не вытрымаў, немаведама як адпусціў слоік з рук, здаўся, і, схіліўшы галаву да долу, пануры спакваля пайшоў ні з чым з хаты.

Яму не глядзелі ўслед, а толькі справодзілі кінутымі мімалётам  трывожлівымі позіркамі да дзвярэй. А паглядалі ўсе хатнія раз-пораз усё больш на Валечку. З аднаго боку – малайчынка дзяўчынка, а з другога – мала што магло з ёй здарыцца! Вайна ж на двары. Вайна… Будзь жа яна проклята! Як жа вы выжывалі і выжылі ў час яе ў холадзе і голадзе, дзеці вайны?

Падрыхтаваў эсэ Іван ЛАПО, ветэран працы, прафсаюза і журналістыкі, краязнаўца, публіцыст, член Беларускага саюза журналістаў.

Карта сайта