Старэйшы ў Беларусі адкрыты фестываль аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў «Віцебскі лістапад» сёлета пройдзе ў трыццаць пяты раз з 15 да 17 кастрычніка. І традыцыйна ў канцэртнай зале «Віцебск».
Сярод краін, чыя жыхары стануць у бягучым годзе «лістападаўцамі»: Беларусь, Ізраіль, Латвія, Новая Зеландыя, Расія, Украіна.
Арганізатары бардаўскага фэсту некалькі гадоў таму пашырылі рамкі, праект стаў шматвектарным, шматгранным у жанрах, адпаведна разлічаных на параўнальна большую глядацкую аўдыторыю.
Як і летась, культурная акцыя адбудзецца ў двух фарматах: рэальным і віртуальным. Тыя, хто прыедзе на малую Радзіму Марка Шагала, зноў акунуцца ў душэўную атмасферу форуму, а ў каго не будзе такой магчымасці, змогуць стаць удзельнікам на адлегласці.
Фестываль адкрыецца 15 кастрычніка паэтычным турнірам. Дарэчы, некалькі перыядычных выданняў і выдавецтваў ужо традыцыйна гатовыя друкаваць творы ўдзельнікаў. Сярод іншых і вельмі вядомы і прэстыжны літаратурны альманах «Дзеяслоў», які друкуецца ў Францыі.
Увечары таго ж дня адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы «Верш і я» Валянціны Ляховіч. Яна адна з самых вядомых віцебскіх мастакоў. Знакамітая і тым, што выкарыстоўвае рэчы, больш непатрэбныя людзям. І стварае аб’екты ў вельмі папулярнай сёння ў мастацтве «смеццевай скульптуры». Будзе прадстаўлены і жывапіс розных фарматаў: тэмперны і алейны, акварэль… Што цікава, прэзентацыя яе выставы пачнецца ў паўцемры. А вельмі крэатыўны віцебскі моладзевы тэатр «Кола» дапаможа мастачцы гульнёй ценяў і іншымі «звычайным чараўніцтвам» больш заінтрыгаваць публіку нават вельмі далёкую ад успрымання сучаснага мастацтва.
Наконт «галоўнага» кірунку фэсту — аўтарскай песні, сёлета арганізатары вырашылі панізіць узроставую планку ўдзельнікаў бардаўскага конкурсу — да 10 гадоў (раней — ад 18).
Як растлумачылі карэспандэнту «Звязды» на прэс-канферэнцыі, у Беларусі аўтарская песня маладзее, тым больш што ў краіне праводзяць дзіцячыя фэсты, або ў рамках дарослых бардаўскіх праектаў. Таму, як мовяць, прыйшоў час даць магчымасць выступіць хлопчыкам і дзяўчынкам і на старэйшым праекце ў рэспубліцы.
Падчас «Віцебскага лістапада» плануецца майстар-клас па гітары ад аднаго з беларускіх мэтраў. Ён падкажа як правільна аранжыраваць песню, падабраць акампанемент, якія могуць быць памылкі…
Лаўрэаты ўсіх намінацый і ўладальнік галоўнай узнагароды «Прызнанне» выступяць на гала-канцэрце ў круглай зале канцэртнай залы «Віцебск» 16 кастрычніка.
Паэтычны канцэрт «Ключ ад сёмага неба» стане фінальным акордам юбілейнага фестывалю. Ён пройдзе 17 кастрычніка.
Па традыцыі Цэнтр культуры «Віцебск», арганізатар праекта прадстаўляе прыхільнікам форуму магчымасць атрымаць спецыяльную акрэдытацыю. Яе ўладальнік атрымае права наведаць усе мерапрыемствы, уключаючы конкурсныя, а таксама выступіць у фармаце «Свабоднага мікрафона» ў «Вулічным кафэ». Так! Ёсць такая незвычайная магчымасць у гледачоў стаць удзельнікам: прачытаць свае вершы або любімыя чужыя, пагутарыць з удзельнікамі фестывалю.
А напрыканцы яшчэ пра нязвычнае, трохі гумару. Падчас стасункаў з журналістамі ў «Арт-прасторы» (на вуліцы Талстога, 7), адным з філіялаў «Музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва», дзе былі прадстаўлены працы спадарыні Ляховіч, да арганізатараў далучылася… кошка. Вядома пра піцерскіх эрмітажных хвастатых і вусатых. Аказваецца, ёсць і ў гэтай установе культуры такая ж «супрацоўніца». Вельмі далікатна вяла сябе на прэс-канферэнцыі, што не скінула нічога са стала, на якім ляжалі паперы спікераў, нават лісцікаў клёна, якімі ўпрыгожылі інтэр’ер. Аўтара гэтых радкоў, праўда, «падсядзела»: заняла яго стул, калі яе ж і фатаграфаваў. А мянушка яе… Палітра! Безумоўна, яна стане адным з… арт-аб’ектаў фестывалю, які так хочацца паціскаць і пагладзіць.
«Віцебскі лістапад» для тых, хто сюды трапіць упершыню, магчымасць некалькі дзён стаць бліжэй да мастацтва з вялікай літары. І пры гэтым заўсёды на фэсце хатняя атмасфера, тут знаёмяцца, можна лёгка закахацца, і ўжо не рэдкасць, што праз шмат гадоў прыходзяць сюды з дзецьмі і ўнукамі. 35 — параўнальна вялікі тэрмін…
Фота аўтара
Подписывайтесь на наш Telegram-канал
t.me/belprofkult_inform_sport_turizm