Свята ўключыла ў сябе конкурсную праграму, элементы анімацыі, забавы ды выступленні вядомых артыстаў і творцаў.
– Мы самі часта сутыкаемся з тым, што, хоць цяпер і з’яўляецца шмат мерапрыемстваў, схадзіць з дзецьмі на штосьці цікавае, пазнавальнае і беларускае адначасова бывае складана. Таму мы прыдумалі канцэпцыю і зладзілі свята «Дзень беларускай дзіцячай творчасці», – патлумачыў задуму мерапрыемства яго арганізатар і кіраўнік кампаніі «PRASTORA.BY» Алесь Квіткевіч. – Мы плануем правесці такія святы ў кожным абласным горадзе, каб паглядзець, чым жывуць мясцовыя дзіцячыя калектывы.
Для ўдзелу ў конкурсе ўсе гурты і выканаўцы праходзілі адбор, і перавага была аддадзена тым, чыя творчасць прасякнута беларускай тэматыкай, хаця ўвогуле, і арганізатары гэта падкрэсліваюць, конкурс адкрыты для ўсіх.
Першую частку праграмы склалі выступленні канкурсантаў – іх набралося 11 асобных выступоўцаў і мастацкіх калектываў з Гародні. Вакальныя нумары, танцавальныя ансамблі, музычныя кампазіцыі – кожны з артыстаў меў свае непаўторныя адметнасці, таму вызначыць лепшага, а гэта рабілі наведвальнікі свята шляхам галасавання, было няпроста. Дарэчы, у якасці галоўнага прыза пераможцу чакала магчымасць запісаць на студыі гуказапісу песню, альбо, у выпадку перамогі танцавальнага калектыву, зняць кліп.
Аднак конкурсная інтрыга захоўвалася да вечара, і пакуль гледачы аддавалі свае галасы за маладых гарадзенскіх талентаў, рэй узялі аніматары, мастакі, паэты і больш сталыя музыкі. Пра сакрэты стварэння выцінанак распавяла майстарка з Маладзечна Вольга Бабурына. Галоўнай паэтычнай разынкай дня стала чытанне вершаў жывой легендай – гарадзенскай паэткай Данутай Янаўнай Бічэль-Загнетавай.
Таксама свае творы прачыталі маладыя пісьменніцы Юлія Алейчанка і Дар’я Бялькевіч. Каб паказаць сваё баявое майстэрства і распавесці пра старажытную зброю і даспехі беларускіх рыцараў, з Мінска прыехалі рэканструктары Юрый Усціновіч, Андрусь Дундукоў і Алесь Пятроўскі ў суправаджэнні сапраўдных сярэднявечных музыкаў. А крыху пазней далі джазу і не толькі ўжо музыкі сучасныя: дуэт «Дзівабор», Таццяна Свістунова і «Кветка-Мара», чароўная і загадкавая Дзіяна Шыманоўская, Андрусь Такінданг і гурт «Рэха», а таксама Раман Абрамчук і яго анты-кавербэнд «Гарадскі вал».
І вось настаў час абвясціць лепшага з лепшых маладых выступоўцаў (альбо калектываў) з Гродна.
Трэцяе месца па выніку галасавання дасталася кранальнаму дуэту маленькіх скрыпачоў «Грымаскі».
Другую прыступку заняла, бадай, самая экстравагантная выканаўца на флейце Ева Венская.
Найбольшую ж колькасць галасоў атрымаў харызматычны дзіцячы ансамбль народнага танца «Фольк-Фрэш».
Дзякуючы таму, што да ініцыятывы далучыўся генеральны партнёр – сетка крамаў «Карона» – мерапрыемствы атрымалася зрабіць не толькі бясплатнымі, але і ўзнагародзіць уладальнікаў прызавых месцаў салодкімі пачастункамі.
А студыя скураных вырабаў «Макей» паспрыяла таму, каб педагогі і кіраўнікі калектываў-пераможцаў атрымалі ў падарунак дыхтоўныя нататнікі ручной працы са скуры.