Дваццаць сёмага снежня мінулага года на ўсенароднае абмеркаванне быў вынесены праект змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон Рэспублікі Беларусь. Дакумент выклікаў вялікі інтарэс у грамадстве, і цяпер яго шырока абмяркоўваюць па ўсёй краіне. Гэта сведчыць пра неабыякавыя адносіны беларусаў да таго, у якой дзяржаве ім давядзецца жыць заўтра.
Уважліва чытаюць новую рэдакцыю Канстытуцыі і браслаўчане, абмяркоўваюць актуальныя пытанні на дыялогавых пляцоўках і ў працоўных калектывах. Гэта не дзіўна, бо перад рэферэндумам, на якім трэба будзе вызначыцца з выбарам, многія жадаюць больш дэталёва валодаць інфармацыяй. Каб разабрацца ў нюансах прапанаваных змяненняў у Асноўны закон, сабраліся і супрацоўнікі цэнтральнай і дзіцячай бібліятэк Браслава. Яны як работнікі сацсферы найперш адзначылі ўзрослую сацыяльную накіраванасць дакумента.