1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 255-86-73

Мы в соцсетях

Год мира и созидания

НУ И ПОГОДА

Охрана труда

«Золотые правила» языком музыки

«Золотые правила» языком музыки

«Золотые правила» языком музыки

ТУРИЗМ

ГлавнаяНовостиБеларускі Іерусалім
27 января 2022

Беларускі Іерусалім

На цэнтральнай плошчы Іўя ўсталяваны чатыры стэлы. Кожная з іх сімвалізуе канкрэтную канфесію і «глядзіць» у бок пэўнага храма – касцёла, царквы, мячэці і сінагогі. Гэты горад, дарэчы, называюць беларускім Іерусалімам. Тут спрадвеку ў згодзе жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў.

 

 

 

 

– Доўгі час існавала меркаванне, што ўпершыню Іўе было згадана ў пісьмовых крыніцах у 1444 годзе, калі вялікі князь літоўскі Казімір падарыў гэтае мястэчка земскаму маршалку Пятру Мантыгердовічу. Аднак не так даўно даследнікі адшукалі згадку пра горад, датаваную 1394 годам, і ўжо афіцыйна Іўе адлічвае сваю гісторыю з пазначанага часу, – распавядае старшы навуковы супрацоўнік Іўеўскага музея нацыянальных культур Марына Пазняк.

У 1495 годзе ў мястэчку быў пабудаваны касцёл Святых Пятра і Паўла. Будынак меў рысы гатычнага стылю, аднак войны сярэдзіны XVII стагоддзя моцна пашкодзілі яго. Ад старога храма, па словах супрацоўніцы музея, захаваліся толькі падмурак і частка сцен. Цяпер стыль будынка характарызуецца як барока. На ўзвышшы каля касцёла можна заўважыць статую Хрыста, якую некаторыя турысты параўноўваюць з вядомым сімвалам Рыа-дэ-Жанэйра. Насамрэч гэта копія статуі «Хрыстос-Цар», што ўсталявана ў храме ў партугальскім горадзе Алмада.

У другой палове ХVI стагоддзя тагачасны ўладальнік мястэчка Ян Кішка запрасіў у Іўе арыян – прадстаўнікоў рэфарматарскага руху Вялікага княства Літоўскага – і перадаў храм ім. Арыяне адкрылі ў Іўі друкарню і ў 1568 годзе правялі свой сінод, на які з’ехаліся найбольш вядомыя дзеячы Рэфармацыі ВКЛ і Польшчы. Пад заступніцтвам Яна Кішкі арыяне адкрылі і школу.


Горадам гэты населены пункт стаў у 2000 годзе. З 1742-га Іўе называлі мястэчкам, у савецкія часы – гарадскім пасёлкам.


– У гісторыю гэтая навучальная ўстанова ўвайшла як Іўеўская арыянская акадэмія. Вучні тут атрымлівалі не толькі рэлігійныя веды: адукацыйная праграма ўключала такія прадметы, як матэматыка, фізіка, медыцына, філасофія, права і іншыя дысцыпліны. Рэктарам пэўны час быў выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта, прагрэсіўны мысліцель і педагог Ян Намыслоўскі, – адзначае Марына Пазняк.

Падзяка графіні

– Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Іўі з’явілася мячэць. Татарская супольнасць жыве ў нашым краі не адно стагоддзе. Яе прадстаўнікі лічаць, што паселішча было заснавана князем Вітаўтам. Некалі яно мела назву Татары, потым – Мураўшчызна. Быццам Вітаўт падарыў зямлю татарам у знак падзякі за перамогу ў Грунвальдскай бітве. Аднак гісторыкі не пацвярджаюць гэты факт, – заўважае Марына Пазняк. – Доўгі час іўеўскія татары маліліся ў спецыяльных гумнах. У 1882 годзе ўладальніца мястэчка Эльвіра Замойская (каталічка, дарэчы) выдзеліла зямлю для будаўніцтва мячэці. Існуе меркаванне, што такім чынам графіня адзначыла заслугі татараў як добрых земляробаў, агароднікаў і гарбароў.

Жыхары Іўя заўсёды падтрымлівалі адно аднаго. Калі ў 1920-х гадах побач з мячэццю пачаўся пажар, агонь дапамагалі тушыць і яўрэі, і хрысціяне. Так, усе разам, і ўратавалі будынак. Цікавы факт: іўеўская мячэць ніколі не закрывалася, нават у савецкія часы. Сёння татарская супольнасць у райцэнтры складае каля 500 чалавек.

І ў бядзе, і ў радасці

У пачатку ХХ стагоддзя ў мястэчку жылі прыкладна 3,5 тысячы іўдзеяў, 800 католікаў, 500 мусульман і 30 праваслаўных. Па словах супрацоўніцы музея, амаль усе дамы, якія захаваліся на цэнтральных вуліцах і плошчы Камсамольскай (раней – Рыначная. – Заўв. аўт.), належалі яўрэям. Прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці займаліся ў асноўным гандлем і рамесніцтвам, таму адна палова іх дамоў была прыстасавана пад жыллё, а тая, што «глядзела» на вуліцу, – пад краму ці майстэрню.

– Нават сёння ў некаторых будынках на вуліцах Карла Маркса (былой Бернардзінскай) і 1 Мая (Віленскай) можна ўбачыць замураваныя дзверы, – працягвае Марына Пазняк.
У Іўі працавалі і тры сінагогі. Два будынкі завахаліся па сённяшні дзень. У адным з іх яшчэ нядаўна месцілася крама, у другім цяпер знаходзіцца спартыўная школа. Падчас Вялікай Айчыннай вайны гітлераўцы стварылі ў горадзе яўрэйскае гета і пазбавілі жыцця больш за 2,5 тысячы чалавек. Яўрэі, якія выжылі, пасля вайны выехалі ў ЗША і Ізраіль.


Існуе некалькі версій паходжання назвы «Іўе». Адна з іх звязана з тым фактам, што ў горадзе расце вярба («ива» па-руску). Паводле другой версіі, назва сугучная татарскаму слову, якое ў перакладзе азначае «гняздо, жыллё». Згодна з іншай легендай, сваім з’яўленнем горад абавязаны княгіне Еве – жонцы вялікага князя літоўскага Гедыміна. Ёй так спадабаліся мясцовыя краявіды, што яна папрасіла мужа пабудаваць тут замак. І той не адмовіў сваёй каханай, а мястэчка сталі называць Еўем.


– Татары і хрысціяне пакідалі каля агароджы гета бульбу, хлеб, малако. Я размаўляла з жанчынай, маці якой, татарка, насіла туды хлеб, – узгадвае Марына Пазняк. – «Ну як інакш? Гэта ж былі нашы суседзі», – казала яна.

У 1990-е гады ў горадзе з’явілася царква Святога мучаніка немаўляці Гаўрыіла Беластоцкага. У гэтым храме захоўваецца адзін з 60 абразоў, якія ў 2004 годзе па блаславенні Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія IІ пабывалі ў космасе. Абраз царкве перадаў член Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К.Э. Цыялкоўскага Віктар Шутаў, ураджэнец Іўеўскага раёна.

– У 2009 годзе ў Іўі адкрылі Музей нацыянальных культур. У экспазіцыі сёння прадстаўлены каталіцкі нацельны крыж ХІІ стагоддзя; арнаты раманскага стылю і абразы ХІХ стагоддзя; першы драўляны шпіль з мінарэта мячэці, рукапісныя хамаілы (малітоўнікі) мясцовых татараў пачатку ХХ стагоддзя; Тора ХVIII стагоддзя і іншае. Музей выклікае вялікую цікавасць у турыстаў і дае ўяўленне аб культуры народаў, якія жывуць у нашым краі, – рэзюмуе Марына Пазняк.

Алена КАЯЧ
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц

Газета «Беларускi Час»

 

 

Подписывайтесь на наш Telegram-канал
t.me/belprofkult_inform_sport_turizm

 

Карта сайта