У Полацкім раённым Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур адбылося адкрыццё выставы, якая стала вынікам рэалізацыі двух праектаў, у якіх прынялі ўдзел майстры не толькі з Беларусі, але і з шэрагу еўрапейскіх краін.
Першы з іх, «Свет без межаў», быў распачаты ў 2006 годзе, падчас Першага экалігічнага фестывалю. Тады адна з гасцей горада прапанавала распачаць справу, якая з’яднала б людзей вакол агульнай ідэі – аховы навакольнага асяроддзя. Майстрыцы народнага клуба лапікавага шыцця «Рошва» Полацкага раённага ЦРНК, адгукнуўшыся на гэты заклік, стварылі квілт з выявай дрэва, і ён адправіўся ў падарожжа даўжынёй у 15 гадоў.
Да праекта далучыліся майстрыцы з Літвы, Даніі, Расіі, Германіі, Латвіі і Францыі. Кожная з іх, дапаўняючы квілт сваім фрагментам, выказвала шчырыя пажаданні і зычылі дрэву, як сімвалу прыроды і жыцця, і усім людзям, якія жывуць на Зямлі, дабра і душэўнага спакою, а планеце – захаваць сваю чысціню. І вось нарэшце цудоўны квілт, прасякнуты пазітыўнай энергетыкай, вярнуўся ў Полацк, адкуль пачаў свой шлях.
Вітаючы ўдзельнікаў імпрэзы, дырэктар ЦРНК Алеся Ступакова зазначыла, што паспяховасць праектаў у многім залежыла ад кіраўніка клуба «Рошва» Ніны Ярмух, якая здолела з’яднаць вакол сябе майстроў, натхніўшы іх творчай ідэяй.
Другі праект, прадстаўлены на выставе – «Творчы раунд. Рамесная карусель». Падтрымаўшы ідэю клуба, у ім прынялі ўдзел 25 майстроў з 20 гарадоў Беларусі. Кожнаму ўдзельніку было прапанавана пашыць невялікі фрагмент, змясціўшы на ім інфармацыю пра значную падзею, альбо месца, па якім можна пазнаць горад, або проста расказаць пра свой настрой, стаўленне да той, ці іншай з’явы. У ходзе рэалізацыі праекта жанчыны быццам пабывалі ў гасцях адна ў адной. Дарэчы, яны не толькі абменьваліся квілтамі, але і пісалі лісты і нават дасылалі невялічкія, але вельмі кранальныя падарункі.
Фінальную, самую складаную працу, зрабілі майстры клуба «Рошва». Некаторыя з іх прынялі ўдзел у адкрыцці выставы. У адрас кожнай гучалі апладысменты.
Слова, каб выказаць сваё захапленне зробленай справай і падзякаваць майстроў за працу, бралі старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Аліна Шчукіна, былы дырэктар ЦРНК, а зараз кіраўнік народнага клуба «Ветэран» Марыя Бабко. Яны гаварылі пра тое, што творчасць аб’ядноўвае, для яе не з’яўляюцца перашкодай ні адлегласці, ні межы. Гэта пацвердзіла прысутнасць на адкрыцці выставы гасцей з горада-пабраціма Фрыдрыхсхафена, майстры з якога таксама далучыліся да праекта «Свет без межаў».
Старшыня грамадскай арганізацыі «Фройндэскрайс-Полацк» з горада-пабраціма Фрыдрыхсхафена Эльвіра Мюллер зазначыла, што яе зямлячкі вырашылі далучыцца да агульнай справы па закліку сэрца і вельмі ўдзячны за тое, што іх праца стала часткай інтэрнацыянальнага праекта і не засталася незаўважанай. Яна таксама перадала клубу «Рошва» падарунак – высокаякасныя матэрыялы для квілтынгу, сабраныя жыхаркамі Фрыдрыхсхафена.
Афіцыйная частка імпрэзы завяршылася, але яе ўдзельнікі не спяшаліся разыходзіцца: знаёміліся з экспазіцыяй, атрымліваючы асалоду ад рукатворнай прыгажосці, абмяркоўвалі прадстаўленыя творы і дзякавалі тым, хто аб’яднаў людзей з розных краін энергіяй творчасці і пазітыву.
«Полацкі веснік» — Алена КАЛЕНІК (тэкст і фота)
Источник
Фота Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур